ГЛІЯКСІЛА́ТНЫ ЦЫКЛ,

цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)